Новости проекта
Подписывайтесь на нас ВКонтакте!
Как восстановить доступ к сайту?

Вядомыя беларусы

Дата: 23 марта 2013 в 11:10, Обновлено 6 сентября 2014 в 10:56

Вядомыя беларусы

 

Многія вядомыя людзі – ад святых сярэдневякоўя да лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і алімпійскіх чэмпіёнаў сучаснасці – ураджэнцы Беларусі.

Вядомыя гістарычныя асобы Беларусі:
- Барбара Радзівіл, вялікая княгіня, каралева Польшчы
- Тадэвуш Касцюшка, які нарадзіўся ў Беларусі ў 1746 годзе, з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі, Амерыкі і Польшчы. Быў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, прымаў удзел у вайне за незалежнасць ЗША.

Вядомыя вучоныя з Беларусі:
- Ігнат Дамейка.
Нарадзіўся ў Беларусі ў 1802 годзе. Быў знакамітым геолагам, большую частку жыцця правёў у Чылі, дзе стаў нацыянальным героем. За свае дасягненні афіцыйна прызнаны ЮНЕСКА.
- Аляксандр Чыжэўскі. 
Нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці ў 1897 годзе. Прызнаны вучоны, які вывучаў біялагічнае ўздзеянне Сонца і Сусвету, у тым ліку суадносіны сонечнай актыўнасці з перыядамі войнаў у гісторыі чалавецтва. 
- Жарэс Алфёраў.
Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Алфёраў удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе. 

Вядомыя касманаўты з Беларусі:
- Пётр Клімук. 
Пётр Клімук, першы беларускі касманаўт, вучоны ў галіне тэхнічных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Камароўка Брэсцкага р-на ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў і арбітальных комплексаў, правёў у космасе 78,76 сутак.
- Уладзімір Кавалёнак. 
Уладзімір Кавалёнак, беларускі касманаўт, вучоны ў галіне ваенных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Белае Мінскай вобласці ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў космас у якасці камандзіра экіпажа, правёў у космасе 216,38 сутак, у тым ліку ў адкрытым космасе 2,3 гадзіны.


Вядомыя ў мастацтве беларусы
- Марк Шагал.
Нарадзіўся ў 1887 годзе ў Віцебску. Самы знакаміты ўраджэнец Беларусі, вядомы ва ўсім свеце як класік авангардызму ў выяўленчым мастацтве.
- Луіс Барт Маер. 
Нарадзіўся ў Мінску ў 1885 годзе. Кінематаграфіст Луіс Барт Маер найбольш вядомы як адзін з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі «Метра-Голдвін-Маер». 
- Васіль Быкаў.
Быкаў Васіль Уладзіміравіч, беларускі празаік, драматург, публіцыст. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў в. Бычкі Віцебскай вобласці. У аснове творчай манеры Быкава – суровая праўда ў адлюстраванні вайны, яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да багацця думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядання. Народны пісьменнік Беларусі (1980). У 1990–1993 гадах - прэзідэнт аб’яднання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Памёр у 2003 годзе.

Вядомыя палітыкі з Беларусі:
- Хаім Вейцман.
Нарадзіўся ў Беларусі ў невялікай вёсцы пад Пінскам у 1874 годзе. Хаім Вейцман быў выдатным хімікам, чытаў лекцыі ў Швейцарыі і Вялікабрытаніі. Як актыўны сіяніст ён быў выбраны першым прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль (1949) і заставаўся на гэтай пасадзе да самай смерці (1952).

Знакамітыя асветнікі Беларусі:
- Францыск Скарына.
Нарадзіўся ў Полацку ў 1486 годзе. Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Пераклаў на беларускую мову і выдаў 23 кнігі Бібліі, першую – у 1517 годзе.
- Святая Ефрасіння. 
Полацкая князёўна. Нарадзілася ў XII стагоддзі. Стала манашкай у 12 гадоў і правяла жыццё, дапамагаючы бедным і будуючы цэрквы і манастыры па ўсёй Беларусі. Памерла ў час паломніцтва ў Іерусалім, яе мошчы вернуты ў Беларусь у 1910 годзе. Прылічана да ліку святых, ушаноўваецца як нябесная заступніца зямлі беларускай.


Чэмпіёны з Беларусі:
- Аляксандр Мядзведзь.
Беларускі спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), свету (1962, 1963, 1966, 1967, 1969–71). Прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя. 
- Вольга Корбут. 
Легендарная гімнастка заваявала 4 залатыя алімпійскія медалі, тры з іх – на алімпійскіх гульнях у Мюнхене (1972). У 1972 годзе прызнана лепшай спартсменкай свету.
- Віталь Шчэрба.
Беларускі спартсмен (спартыўная гімнастыка). Чэмпіён XXV Алімпійскіх гульняў (1992, Іспанія). Бронзавы прызёр XXVI Алімпійскіх гульняў (1996, ЗША). 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША). Чэмпіён Універсіяд (1993, 1995). Лепшы спартсмен свету за 10-годдзе (1991–2000).
- Ігар Макараў. 
Макараў заваяваў залаты медаль у дзюдо на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.
- Юлія Несцярэнка. 
Несцярэнка заваявала залаты медаль у бегу на 100 метраў на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.
- Максім Мірны. 
Максім Мірны – самы вядомы тэнісіст Беларусі, які заваяваў серыю міжнародных узнагарод у парным разрадзе і вывеў беларускую зборную на лепшае месца за ўсю яе гісторыю на Кубку Дэвіса.

- Аляксандра Герасіменя.Нарадзілася ў Мінску ў апошні дзень 1985 года. Аляксандра - чэмпіёнка свету 2011 года на дыстанцыі 100 м вольным стылем, сярэбраны прызёр ЧС-2007 на дыстанцыі 50 м на спіне, чэмпіёнка Еўропы 2010  года на дыстанцыі 50 м на спіне, сярэбраны прызёр ЧЕ-2010 на дыстанцыі 100 м вольным стылем, сярэбраны прызёр ЧЕ-2006 на дыстанцыі 50 м на спіне, бронзавы прызёр ЧЕ-2002 на дыстанцыях 50 м вольным стылем і 50 м на спіне. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў-2012.

- Вікторыя Азаранка. Беларуская тэнісістка. Былая першая ракетка свету сярод юніёрак, пераможца двух юніёрскіх турніраў Вялікага Шлема. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2010). Алімпійская чампіёнка ў змяшаным парным разрадзе і бронзавы прызёр Гульняў-2012 у жаночым адзіночным разрадзе. Пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў змяшаным парным разрадзе. Першая беларуская тэнісістка — пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе, першая беларуска на вяршыні рэйтынгу WTA (2012—2013 гады).

- Сяргей Мартынаў. Беларускі стралок заваяваў залаты медаль Алімпіяды-2012. Гэта ўжо трэцяя алімпійская ўзнагарода вопытнейшага беларускага стралка - да гэтага ён двойчы заваёўваў бронзавыя медалі ў Сіднеі-2000 і Афінах-2004. Усяго ён прымаў удзел у шасці Алімпіядах, прычым на чатырох з іх трапляў у фіналы.

 

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.